ЛЕГІ́РАВАНАЯ СТАЛЬ,

сталь, y якой акрамя звычайных дамешкаў ёсць т. зв. легіруючыя элементы, што ўводзяцца для надання сталі лепшых тэхнал. і эксплуатацыйных уласцівасцей. Увядзенне ў расплаўленую сталь легіруючых элементаў (легіраванне) робіцца з выкарыстаннем ферасплаваў і лігатур.

Л.с. бывае: нізкалегіраваная (сумарная доза ўведзеных легіруючых элементаў да 2,5%), сярэднелегіраваная (ад 2,5 да 10%) і высокалегіраваная (больш за 10%); канструкцыйная, інструментальная сталь і сталь з асаблівымі ўласцівасцямі — гарачатрывалая і гарачаўстойлівая (гл. Гарачатрывалыя матэрыялы, Гарачаўстойлівыя матэрыялы), нержавеючая сталь, электратэхнічная сталь і інш. З Л.с. робяць дэталі машын і канструкцый, інструменты, эл.-тэхн. апараты і г.д.

т. 9, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)